ФРА́НЦА-ІО́СІФА ЗЯМЛЯ́,
архіпелаг на Пн Баранцава м., у Архангельскай вобл. Расіі. Пл. 16,1 тыс. км². Больш за 190 астравоў. Вылучаюць 3 групы: усх. (з а-вамі Вільчака Зямля, Грээм-Бел), аддзеленую Аўстрыйскім пралівам; цэнтр. (з а-вамі Рудольфа, Гукера) паміж Аўстрыйскім пралівам і Брытанскім каналам; зах. (уключае найб. буйныя а-вы Зямля Аляксандры і Зямля Георга) на З ад Брытанскага канала. Большая ч. астравоў складзена з пясчанікаў, алеўрытаў і вапнякоў, перакрытых базальтавай лавай. Больш за 85% паверхні ўкрыта ледавікамі. Месцамі з-пад ледавікоў уздымаюцца нунатакі. Выш. да 620 м (на в-ве Венер-Нойштат). Клімат арктычны. Сярэдняя т-ра студз. -23, -24 °C, ліп. ад -1,2 да 1,6 °C. Ападкаў 300—500 мм за год. Больш за 1 тыс. азёр. Мохава-лішайнікавая тундра. Трапляюцца белы мядзведзь, пясец; птушыныя кірмашы. Палярныя станцыі. Геафіз. абсерваторыя (з 1957) імя Э.Т.Крэнкеля (в-аў Хейса). Ф.-І.З. адкрыта аўстра-венг. экспедыцыяй Ю.Паера і К.Вайпрэхта ў 1873. Названа імем імператара Аўстрыі Франца Іосіфа I. Паводле пастановы СНК СССР ад 15.4.1926 аб граніцах Сав. Саюза на Крайняй Поўначы Ф.-І.З. ў складзе СССР (у межах РСФСР).
т. 16, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)